trubchyk (trubchyk) wrote,
trubchyk
trubchyk

Ліст віншавання і салідарнасці са Святой зямлі, дзе Бог стаўся чалавекам.

Каляды гэтага году, Божае Нараджэнне, на жаль, будуць азмрочаныя ў шматлікіх беларускіх сем’ях. Гэтыя сем’і не здолеюць сабрацца разам за святочным сталом, зрабіць і атрымаць падарункі, пачуць цёплыя словы зычэнняў ад самых дарагіх. Шмат хто з нашых будзе вымушаны спаткаць свята за кратамі. І віной таму 19 снежня, дзень выбараў прэзідэнта.

Хочацца звярнуцца да ўсіх тых, каго пазбавілі свабоды. Чалавека лёгка пасадзіць за краты -- бо тое, што ён інакш галасуе, інакш думае, інакш размаўляе, інакш жыве, так часта выклікае гнеў і жаданне пазбавіцца яго.

У нашым грамадстве далёка не кожны можа знайсці месца для сябе. Асабліва калі не хочацца здраджваць свайму сумленню і заставацца чалавекам. Такім чалавекам, якім аднойчы, дзве тысячы гадоў таму, стаўся Бог.

Шмат хто з тых, хто 19 снежня апынуўся ў вязніцы, пачуваецца сёння пакінутым, здраджаным і самотным. І мала хто з моцных гэтага свету адважыцца і захоча ўзняць голас у іх абарону, каб суцешыць і падтрымаць і вызваліць.

Але і сам Хрыстос, як сцвярджаюць Пісанні, быў здраджаны і асуджаны на смерць тагачаснымі элітамі, як палітычнымі так і духоўнымі. Чалавек, які жадае жыць у свабодзе і праўдзе, быць гаспадаром свайго лёсу, небяспечны для кожнай сістэмы і ва ўсе часы.

На шчасце, толькі Бог мае права і моц сказаць апошняе слова ў нашым жыцці, і мы яго абавязкова яшчэ пачуем.
Важна толькі і праз слёзы, і боль не зламіцца -- кесару не аддаць тое, што належыць Богу.


25 снежня 2010 года, у дзень Божага Нараджэння, цэлебруючы святую імшу ў Віфліеме, буду маліцца за ўсіх, каго збілі, прынізілі і пасадзілі ў турму ў тую крывавую нядзелю ў Мінску. Каб здзейсніліся словы евангелля ад Мацея: “…быў у вязніцы і адведалі Мяне”. Няхай свята Божага Нараджэння ўпэўнівае вас, што Бог не забыўся. Бог з вамі. Бог жыве ў сваіх сынох і дачках, што шукаюць свабоды. Бог жыве ў вас.

Хочацца таксама прасіць ярархаў Касцёла і Праваслаўнай царквы заступіцца за тых, хто пацярпеў ад гвалту 19 снежня. Хіба наша вера не вучыць быць міласэрнымі і станавіцца на бок слабейшых? Хіба мы не можам звярнуцца і папрасіць улады, якія павінны спрыяць згодзе і паразуменню ў грамадстве, учыніць акт добрай волі і на дзень Божага Нараджэння вызваліць тых, хто быў затрыманы? Хіба гэта не будзе сорамам і ганьбай для нашых цэркваў, бо моцна спадзяюся, што мы ўсё яшчэ верым у словы Госпада нашага: “…так як вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх меншых, то Мне зрабілі”. (Мц 25.40)

Са Святой зямлі, з малітвамі,
кс. Юры Барок
Tags: Насилие, Праздник, Тюрьма
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 4 comments